ХА́ЙЛЕ СЕЛА́СІЕ I,
да 1930 Тафары Маконен (23.7.1892, Ыджэрса-Гора, правінцыя Харэр, Эфіопія — 27.8.1975), імператар Эфіопіі [1930—74]. З сям’і дзярж. дзеяча Маконена, стрыечнага брата імператара Менеліка II. У 1916 абвешчаны рэгентам пры імператрыцы Заўдыту. Пасля яе смерці каранаваны імператарам Эфіопіі (2.11.1930) пад імем Х.С. I. Увёў цэнтралізаванае кіраванне краінай, адмяніў рабства і гандаль рабамі, ажыццявіў некат. прагрэсіўныя мерапрыемствы ў галіне адукацыі і аховы здароўя, абвясціў (1931) першую ў Эфіопіі канстытуцыю і інш. У 1923 дамогся прыняцця Эфіопіі ў Лігу Нацый. У час італа-эфіопскай вайны 1935—36 узначаліў барацьбу супраць італьян. захопнікаў. Адзін з ініцыятараў стварэння Арганізацыі Афрыканскага Адзінства. У выніку перавароту з-за сацыяльна-эканам. і паліт. крызісу ў краіне 12.9.1974 скінуты, у жн. 1975 забіты.
Літ.:
Ягья В.С. Хайле Селассие 1 // Вопр. истории. 1990. №10;
Капусцинский Р. Император: Пер. с пол. М., 1992.
т. 16, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)